Визитка музея государственного учреждения образования
"Гимназия № 3 г. Солигорска"
«Ад прадзедаў спакон вякоў,
нам засталася спадчына . . .”
Гэтыя словы вядомага ўсім нам беларускага песняра сталі дэвізам нашай працы. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 21 снежня 2001 года. Ён мае асобнае памяшканне з 2-х залаў плошчай 69,3 м2 і добрую матэрыяльную базу. У асноўным фондзе знаходзіцца 496 экспанатаў. Кожны з іх мае свой лёс.
Адны прынеслі ў падарунак жыхары горада, нашы бацькі, настаўнікі. Другія мы сабралі ў экспедыцыях па Любаншчыне, Салігоршчыне і Случчыне. Трэція зрабілі самі, захаваўшы лепшыя традыцыі народных майстроў. Ён унікальны, бо створаны на стыку 2-х стагоддзяў. Збор матэрыялаў і праца над размяшчэннем экспазіцый у музеі дапамаглі нам бліжэй далучыць гімназістаў да беларускай нацыянальнай культуры, абудзіць у іх генетычную памяць, спалучыць творчасць з гісторыяй народных рамёстваў, якія, на жаль, паступова згасаюць.
Формы работы: тэматычныя і абзорныя экскурсіі, лекцыі, выставы, конкурсы, этнаграфічныя экспедыцыі, святы, фестывалі.
Традыцыі: “Свята рамёстваў”, “Парад майстроў”, “Каляды”, “Гуканне вясны”, “Беларускі кірмаш”, конкурсы на лепшага майстра роспісу па дрэве, тканіне, разьбе, выцінанцы, “Лепшы экскурсавод года”, “Цацачных спраў майстры”, тыдзень музея ў дзіцячым садку, майстар-класы “Рабі, як я, рабі са мною разам !”
Зараз музей мае 12 раздзелаў.За апошнія 2 гады, дзякуючы даследчай працы, з’явіліся яшчэ ”Беларуская пісанка” і “Абрадавая лялька”.
Па выніках свайго даследавання Бірук Аляксандра распрацавала тэматычную экскурсію “Маляваныя дываны- забытае рамяство”.
Экскурсаводы зацікавяць наведвальнікаў гісторыяй адраджэння вышыўкі ў наш час, раскажуць пра сакаленне, гафтаванне, расшыванне, балгарскі крыж, вышыўку шоўкам, стужкамі і бісерам.
У раздзеле “Ганчарныя вырабы” можна не толькі ўбачыць гаршкі і гладышы, глякі і макотры (30, 40, 50-х г.г. ХХ ст.), прывезеныя з экспедыцый, але і цацкі-свісцёлкі, кампазіцыі “Нашы бацькі - шахцёры”, “Сымон музыка”, “Дзяльба кабанчыка”, “Дзед Талаш”, “Званы Хатыні”, “Зубры - волаты”.Усе яны зроблены пад уражаннем вывучанных твораў.
На шкатулках, хлебніцы, палічках юныя майстры-рэзчыкі захавалі выявы сонца, месяца. Побач з цікавым экскурсам у гісторыю роспісу па дрэве, шкле, тканіне можна ўбачыць вясельны куфар, кухонныя дошкі, драўляныя лыжкі, хлебніцу, дэкаратыўныя талеркі, шкатулкі, у якіх захаваўся даўні дэкор майстроў роспісу. Хутка ў музеі з’явяцца куфэрак, распісаны спосабам цацкавання, ложак і шафа, аздобленыя фляндроўкай.
Вырабы з саломы прадстаўлены саламяным корабам, прывезеным з экспедыцыі. Скульптуры “Тройка”, “Зубар”, “Калядная зорка”, “Птушкі”, “Казёл”, “Баран”, “Конь”, “Лялькі”, “Павукі” зроблены па апісанні або пад уражаннем вывучаных твораў.
Экскурсаводы, прадстаўляючы раздзел “Роспіс па тканіне”, запрашаюць усіх, хто жадае, наведаць майстэрню роспісу, навучыцца гэтаму складанаму майстэрству.
Юныя наведвальнікі музея пазнаюць свет абрадаў, гуляюць у абрадавыя гульні, адгадваюць загадкі, вучаць новыя прымаўкі. Так яны атрымліваюць першы вопыт задавальнення ад наведвання музея і ім хочацца прыйсці ў яго яшчэ раз.
1 верасня бацькі наведваюць музей разам з першакласнікамі.
Распрацаваны цыкл музейных заняткаў, сфарміравана яго тэматыка: “Ткацтва – старадаўняе рамяство беларусаў”, “Забытыя рамёствы ў сучасным інтэр’еры пакоя”, “Беларуская хата ў пачатку 20 стагоддзя”, “Вопратка беларусаў”. Гэтыя выставы вывелі працу музея на новы якасны ўзровень.
Значную частку ў працы музея займаюць экспедыцыі, пошук матэрыялаў і даследаванні.
Даследаванні “Значэнне пісанкі ў абрадах і святах беларусаў ”, “Рушнік на крыжах”, “Маляваныя дываны – забытае рамяство”, “Абрадавая лялька”, “Беларускі рушнік. Гісторыя і сучаснасць”, “Арнамент беларускага менталітэта”, “Значэнне арнамента ў ткацтве на Палессі” папоўнілі метадычны фонд музея, якім часта карыстаюцца не толькі навучэнцы гімназіі, але і нашы выпускнікі.
Прызначэнне музея - зберагаць культуру і традыцыі беларускага народа, развіваць творчы патэнцыял гімназістаў у вывучэнні і адраджэнні забытых рамёстваў Палесся, раскрываць багацце абрадаў, традыцый і святаў, прывіваць любоў і павагу да сваіх продкаў і іх спадчыны, прадаўжаць лепшы вопыт народных майстроў свайго краю.
Нашы ўзнагароды: І месца ў раённым конкурсе этнаграфічных музеяў, ІІ месца у абласным конкурсе этнаграфічных музеяў Міншчыны.
Прызнаны лаўрэатам рэспубліканскага конкурса этнаграфічных музеяў (Дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь).
Лепшыя экскурсаводы музея прывезлі дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у рэспубліканскім лагере юных краязнаўцаў.
Лешчык Эмілія атрымала за ўдзел у раённым, абласным і рэспубліканскім конкурсах экскурсаводаў “Мая малая радзіма” дыпломы І і ІІ ступені, пуцёўку ў НДЦ “Зубраня” (2016 год). Канановіч Настасся ў чэрвені 2015 г. за ўдзел у раённым конкурсе юных экскурсаводаў “Мая Радзіма – Беларусь” узнагароджана дыпломом ІІ ступені. У 2017 годзе ўзнагароджаны пуцёўкамі ў НДЦ "Зубраня" - Цвірко Данііл і Леушын Арцём. Майстар-класы ў "Зубраняці" на фестывалі "Юныя таленты Беларусі" правялі Шыловіч Ульяна і Карпачова Аліна.
Вопыт работы “Музей навучае і выхоўвае” надрукаваны ў зборніку матэрыялаў па выніках працы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Этнапедагогіка: гісторыя і сучаснасць”.
Цікавы матэрыял аб працы нашага музея можна прачытаць у газетах “Шахцёр” і “Лідэр-прэс”, убачыць на Салігорскім тэлевізійным канале.
Сёння мы ўпэўнены, што мала гаварыць, як мы любім сваю спадчыну.Патрэбна не толькі душою і сэрцам, але і сваімі рукамі дакрануцца да яе. І той, хто аднойчы пераступіць парог нашага музея, пазнаёміцца з нашай працай,захоча прыйсці да нас яшчэ.
Дырэктар гімназіі Козіч Марына Мікалаеўна
Кіраўнік музея народных рамёстваў Аліноўская Вольга Уладзіміраўна
тел. 8(0174) 252661
e-mail: g3@edus.by
Режим работы: понедельник - пятница: 15.00 - 17.00.
Экскурсия по заявкам (33-16-91)